/ 7 июня, 2023

1 чэрвеня ў Міжнародны дзень абароны дзяцей Навагрудская раённая бібліятэка прыняла ўдзел у “Гарадзенскім ЛітФэсце”.
У парку Жылібера гродзенцаў і гасцей горада Навагрудская раённая бібліятэка запрасіла на інтэрактыўную пляцоўку “Таямніцы горада Н…”. Дзяцей і іх бацькоў віталі Кароль і Каралева, а кожны жадаючы мог прымерыць карону і сфатаграфавацца ў гістарычным вобразе на троне. Рыцар горада Н. падрыхтаваў для хлопчыкаў і дзяўчынкаў каралеўскі шчыт з заданнем на спрыт і меткасць, а таксама займальны кракет “Вясёлыя звераняты”.
Загадкавая Навагрудская вяшчунка, звярнуўшыся да чароўнай кнігі, давала дзецям летнія прадказанні і парады, каб вакацыі прайшлі весела і карысна.
Папулярнасцю карысталася кніжная інсталяцыя-канструктар “Замкавыя героі”. Дзеці з задавальненнем складалі-будавалі прыгожы замак, смелага рыцара і маленькага цмока Чытайку, а дапамагала ім кемлівая Ключніца.
Аматараў настольных гульняў захапіў “Рыцарскі турнір” і гістарычныя пазлы.
З таямніцамі кухоннай справы знаёміла Кухарка, якая прапанавала ўправіцца з сапраўднымі чыгунком ды гарчэ́шнікам.
На пляцоўцы было весела і гаманліва, а жыхары і героі горада Н. расказвалі і дзецям, і дарослым пра свой улюбёны горад з яго шматлікімі таямніцамі і запрашалі абавязкова ў госці.

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий