Пярловіч

Самсон Пярловіч нарадзіўся 13 жніўня 1923 года ў невялікай вёсцы Католышы непадалёк ад Навагрудка. Вучыўся ў пачатковай польскай школе ў в. Байкі, за некалькі кіламетраў ад дому, потым закончыў сямігодку ў г. Навагрудку. Перад самай вайной паступіў у Навагрудскае педвучылішча, але навучанне не давялося закончыць. Да 20 жніўня 1943 года працаваў настаўнікам у пачатковай школе в. Байкі, дзе калісьці вучыўся сам. У жніўні 1943 года разам з аднавяскоўцамі быў вывезены на прымусовыя работы спачатку ў г. Лібаву, потым пасля другіх уцёкаў працаваў на заводзе “Karo-werk” г. Вены.

Пасля вяртання на Бацькаўшчыну некаторы час быў літаратурным работнікам у рэдакцыі раённай газеты “Звязда”. Больш як 30 гадоў адпрацаваў на Навагрудскім заводзе газавай апаратуры. Выдаў кнігі вершаў: “Бяссмертнік”, “Заяц на бярозе”, “Чарадзейны агонь”.

Паэзія Самсона Пярловіча гэта не проста карункі прыгожых слоў, пастаўленых у адмысловым парадку. У кожным вершы Самсона Пярловіча адчуваецца любоў да Беларусі, да Бацькаўшчыны, які заплаціў дарагую цану і ў сталінскія часы, і ў гады нямецкай акупацыі. Калі чытаеш радкі з вершаў Самсона Пярловіча, хочацца стаць лепшым, спазнаць мудрасць, нябачаную за штодзённай мітуснёй.

Памёр Самсон Пярловіч 14 снежня 2001 году ў Наваградку, пахаваны на мясцовых могілках.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *