/ 17 июля, 2019

Усім вядома, што лета для дзяцей – гэта пара актыўнага адпычынку. Ніхто гэта не аспрэчвае. Але ж мы, бібліятэкары, дый бацькі таксама, ведаем, што працяглыя летнія канікулы – гэта яшчэ і час інтэлектуальнага развіцця дзетак. Ведаем і тое, што адказнасць тут цалкам ляжыць на плечах бібліятэк, бо падчас канікул ад школы гэта незалежыць.

Таму летам у бібліятэках “кіпіць” актыўнае жыццё. І не абавязкова ў выглядзе штодзённых масавых мерапрыемстваў. Нават наадварот, у першую чаргу гэта індывідуальная работа з дзецьмі. Напружаная і карпатлівая работа бібліятэкара, у выніку якой хлопчыкі і дзяўчынкі заахвочваюцца да чытання, у тым ліку пазакласнай літаратуры. Менавіта такім чынам  рэкламуюцца не толькі кнігі, але і бібліятэкі.

У гэтых мэтах на працягу ўсяго лета бібліятэкар Гарадзечанскай сельскай бібліятэкі Алена Сідараўна Дрыль праводзіць акцыю-заклік “Дзень добры, будучы чытач!”. І падыход у гэтай справе сапраўды індывідуальны. Той, хто пакуль не стаў чытачом, заахвочваецца лепшымі, як правіла, маляўніча аформленымі кніжкамі з фонда бібліятэкі, ну і, вядома, перыядычнымі выданнямі. Аматарам чытання, хто даўно ўжо з’яўляецца сябрам  бібліятэкі, Алена Сідараўна прапануе навінкі дзіцячай літаратуры, бо, як кажуць, кніжны фонд сваёй бібліятэкі яны да гэтага часу “перашуфлявалі” уздоўж і ўпоперак.

Ёсць яшчэ адна характэрная для сельскіх бібліятэк акалічнасць. На лета ў вёску да бабуль і дзядуль прыязджаюць унукі і нават праўнукі, іншы раз разам з бацькамі. Вось так і прыходзяць яны ў мясцовую бібліятэку амаль што сем’ямі. Адна сям’я, другая, а там глядзіш для іх, хто вось так спантанна сабраўся ў бібліятэцы, бібліятэкар правядзе якое-небудзь масавае мерапрыемства. На гэты выпадак у Алены Сідараўны назапашаны розныя цікавыя матэрыялы і тэмы, з якіх можа атрымацца цудоўнае мерапрыемства, выхаваўчае або забаўляльнае. Іншы раз бібліятэкар праводзіць урокі інфармацыйнай культуры. Як напрыклад, адбылося 6 ліпеня бягучага года.

У гэты суботні дзень у бібліятэку прышла адна мама са сваімі маленькімі дзеткамі, а таксама і больш старэйшыя дзяўчынкі. Алена Сідараўна пазнаёміла ўсіх іх з навінкамі літаратуры. Расказала, пра бібліятэку ўвогуле, пра кнігі, якія тут захоўваюцца, навучыла, як стаць чытачом бібліятэкі, пазнаёміла з правіламі карыстання бібліятэкамі і правіламі абыходжання з кнігамі. Гэты аповед бібліятэкара быў пачуты і станоўча ўспрыняты. Потым дзеці разглядвалі кніжкі, часопісы, нават адгадвалі загадкі пра казачных персанажаў. Вось так ненадакучліва ў гульнёвай форме быў зроблены агляд літаратурных твораў для дзяцей. Ну а будучым чытачам бібліятэкар падарыла мяккія цацкі, зробленыя сваімі рукамі. Як кажуць, яна закінула вуду, каб заахвоціць дзяцей і прыцягнуць да кнігі і чытання. Дала зразумець, што ў бібліятэцы па-сапраўднаму весела і цікава, нават карысна!

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий