Пачаткам кнігадрукавання на Беларусі лічыцца 1517 год, калі наш славуты зямляк, асветнік і гуманіст Францыск Скарына надрукаваў у Празе першую беларускую кнігу «Псалтыр». Гарадскі пасёлак Любча сёлета святкуе яшчэ адзін юбілей – 405 гадоў з дня заснавання Любчанскай друкарні. З нагоды двух юбілеяў у г.п. Любча прайшло тэатралізаванае гістарычнае свята «Друкаванае слова ў Любчы».

Святу папярэднічалі гістарычна-краязнаўчыя чытанні “Роля Любчанскага краю ў развіцці кнігадрукарскай справы на Беларусі”. Падчас сваіх выступленняў Мікалай Гайба, Галіна Кавальчук, Ірына Царук, Кацярына Драчылоўская гаварылі аб кніга-выдавецкіх традыцыях на Навагрудчыне, дзейнасці друкарні ў Любчы, наогул аб ролі Любчанскага краю ў развіцці кнігадрукарскай справы ў Беларусі.

У тэатралізаваным шэсці ад Любчанскага замка да цэнтральнай плошчы прайшлі персанажы кніжнага фэсту літаратурных герояў "ЛІТАРА".

Бібліятэка прадставіла інтэрактыўную бібліятэчную пляцоўку “З кнігай праз стагоддзі”. На пляцоўцы можна было пазнаёміцца з парадам  эксклюзіўных выданняў «Кніжныя скарбы Беларусі», калекцыя кніг якога  склалася дзякуючы акцыі-пошуку рарытэтных і рэдкіх выданняў. Удзел у акцыі прынялі чытачы, бібліятэкары горада і раёна. Жыцці і дзейнасці Францыска Скарыны была прысвечана асобная выстава.

Любчане і госці свята маглі пазнаёміцца з самаробнымі кнігамі раённай бібліятэкі, зробленымі спецыяльна да 500-годзя беларускага кнігадрукавання.

На пляцоўцы былі прадстаўлены самаробныя лялькі, лялькі-абярэгі, карта славутасцей Навагрудчыны, пазнавальныя і забаўляльныя настольныя гульні.

Спецыяльна з нагоды 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання аддзел бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі  аб’явіў цікавыя творчыя конкурсы. Узнагароджванне пераможцаў прайшло на галоўнай сцэне свята.

Бібліятэкай была арганізавана ў рамках свята сустрэча з паэтамі Навагрудчыны – Алесем Гоцка, Марыяй Быт, Валянцінай Апанюк, Ганнай Валенцік, Раісай Крывальцэвіч.

Насычанай і цікавай была канцэртная праграма мерапрыемства.

Канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца, музыкі і песні «Белыя Росы» прайшоў пры поўным аншлагу. Бурнымі авацыямі і шчырымі апладысментамі сустракалі мясцовыя жыхары і госці свята артыстаў ансамбля.

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *