Мікалай Віктаравіч Нікалаеў — беларускі і расійскі гісторык, кнігазнаўца, краязнаўца, мастацтвазнаўца. Жыве у Пецярбургу, працуе загадчыкам аддзела рэдкіх кніг Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі. Ён аўтар шматлікіх выданняў, у тым ліку кніг, прысвечаных гісторыі нашага краю. Яго сур’ёзная зацікаўленасць гісторыяй Навагрудчыны яшчэ з 80-х гадоў мінулага стагоддзя. У юнацтве Мікалай Віктаравіч удзельнічаў у раскопках навагрудскага замка, якія праводзіла Фрыда Гурэвіч, археолаг з Ленінграда. Гэта стала вызначальным для яго лёсу.

25 верасня ў Навагрудскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі Мікалая Нікалаева “Наваградак за царства Аляксандра II 1855-1881”. Яна прысвечана гісторыі нашага горада – былога ваяводскага цэнтра Вялікага Княства Літоўскага ў час яго знаходжання ў складзе Расійскай імперыі. На прэзентацыю прыйшлі настаўнікі гісторыі, музейныя і бібліятэчныя работнікі, прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі, прэса. Аўтар расказаў пра факты і дакументы з наваградскай гісторыі, адказаў на пытанні прысутных. Кніга дапаможа чытачам знайсці любую інфармацыю за адзначаныя гады, у тым ліку статыстычныя звесткі, чарцяжы будынкаў, зацверджаны Аляксандрам II план горада. Выданне змяшчае вялікую колькасць ілюстрацый, што робіць яе яшчэ больш пазнавальнай.

Два экзэмпляры кнігі з аўтографам аўтар падарыў раённай бібліятэцы, таму запрашаем навагрудчан і ўсіх зацікаўленых да нас у бібліятэку. Упэўнены, кніга вам будзе вельмі цікавай.

Добавить комментарий