/ 13 августа, 2018

13 жніўня – Дзень памяці самага народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Якуб Колас – класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы. Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, педагог, грамадскі дзеяч.

У гэты дзень у 11 гадзін каля помніка Я. Коласу, што знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Міцкевіча і Валчэцкага, Навагрудская раённая бібліятэка правяла літаратурны марафон «Чытаем «Новую зямлю». Прагучалі добра вядомыя з дзяцінства радкі ў выкананні бібліятэкараў, удзельнікі марафону ўспомнілі старонкі жыцця і творчага лёсу майстра.

Сапраўднае імя Якуба Коласа – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Ён нарадзіўся 3 лістапада 1882 г. (па новым стылі) у засценку Акінчыцы Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер у межах горада Стоўбцы Мінскай вобласці), ахрышчаны ў праваслаўнай царкве. Бацькі – Міхаіл (Міхал) Казіміравіч і Ганна Юр’еўна (з роду Лёсікаў) паходзілі з сялян вёскі Мікалаеўшчына (12 км ад Стоўбцаў). З 13 дзяцей, якія нарадзіліся ў іх сям’і, да сталых гадоў дажылі 9. Бацька служыў лесніком у князя Радзівіла, маці вяла хатнюю гаспадарку. У хуткім часе пасля нараджэння Костуся (так хлопчыка звалі дома) сям’я пераехала ва ўрочышча Ласток (іншая назва – Сухошчына). У 1890-1904 гг. сям’я Міцкевічаў жыла ў леснічоўцы Альбуць недалёка ад Мікалаеўшчыны.

Малая радзіма натхніла Канстанціна Міхайлавіча на  стварэнне шэдэўра пад назвай “Новая зямля”. Паэма «Новая зямля» – першы беларускі буйны эпічны твор. Гэта першая нацыянальная паэма, якую справядліва лічаць сапраўднай энцыклапедыяй беларускага жыцця. Аднак яе можна назваць і паэтычным гімнам прыродзе, паэтычным календаром прыроды, энцыклапедыяй беларускай прыроды. А яшчэ гэта выдатная паэзія. Сам Якуб Колас лічыў яе асноўнай паэмай ва ўсёй сваёй паэтычнай творчасці.

Шмат цёплых паэтычных радкоў прысвяціў Якуб Колас дзецям. Гэта паэмы «Рак-вусач», «Міхасёвы прыгоды» і іншыя. У той жа “Новай зямлі” вобразы дзяцей ажыўляюць паэму, надаюць ёй светлы, радасны настрой адчування свята ад сустрэчы з тым незабыўным і бесклапотным часам, імя якому — дзяцінства. Да літаратурнага марафону раённай бібліятэкі далучыліся маленькія чытачы з сярэдніх школ № 4 і № 7 Навагрудка разам з настаўнікамі.

 Успамінаць можна па-рознаму – можна традыцыйна ускласці кветкі да помніка, а можна проста адкрыць кнігу аўтара, знайсці і перачытаць любімыя коласаўскія радкі, якія пісаліся ў першую чаргу для нас, для беларусаў. Бліскучы майстар мастацкага слова і глыбокі інтэлектуал заўсёды рупліва і старанна працаваў, таму не дзіўна, што яго зямны шлях завяршыўся за рабочым сталом у працоўным кабінеце.

Увесь беларускі народ 13 жніўня аддаваў даніну павагі і любові цудоўнаму чалавеку, таленавітаму Песняру, які пакінуў нам найвялікшую спадчыну.

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий