135-годдзе з дня нараджэння найвялікшага беларускага паэта і пісьменніка Якуба Коласа навагрудскія бібліятэкары адзначылі літаратурным спатканнем “Жыве між намі паэт!”.  І зноў месца сустрэчы змяніць нельга, бо ў Навагрудку ёсць месцы, якія адразу асацыіруюцца ў свядомасці гараджан з імем Песняра. Адно з іх знаходзіцца на перакрыжаванні вуліц Адама Міцкевіча і Віктара Валчэцкага, побач з аўтавакзалам стаіць бюст Якубу Коласу.  Гэты помнік быў пастаўлены ў знак асаблівай павагі навагрудчан да народнага песняра.

Бібліятэкары узялі ў гараджан міні-інтэрв’ю з нагоды 135-годдзя народнага паэта Беларусі. І што прыемна адзначыць, навагрудчане і госці горада памятаюць пра знакавую дату ў гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Амаль на ўсе пытанні адказы былі правільнымі. Людзі ведаюць і помнік, і вуліцу імя Якуба Коласа, і безумоўна, самую галоўную спадчыну паэта – яго творы.

Усе атрымалі на памяць міні-закладкі з афарызмамі і цытатамі Якуба Коласа. Даведаліся пра творчыя і прафесіянальныя сувязі Коласа з  навагрудскай зямлёй.

Упершыню Якуб Колас пабываў у Навагрудку яшчэ ў канцы 1940 года, у складзе рэспубліканскай камісіі па правядзенню мерапрыемстваў, звязаных з 85-годдзем са дня смерці Адама Міцкевіча. Разам з Я. Купалам, П. Броўкам, Я. Бранеўскай і іншымі дзеячамі беларускай культуры Якуб Колас наведаў Навагрудак, пабываў у Доме-музеі Адама Міцкевіча. У перыяд з 1946 па 1956 год ён не раз выбіраўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР ад Навагрудскай выбарчай акругі. Сюды ён наведваўся для правядзення перадвыбарных сустрэч, а таксама ўжо як дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. Нашую зямлю ён любіў і шанаваў як радзіму вялікага паэта Адама Міцкевіча.

Сёння, успамінаючы мінулыя гады, навагрудчане могуць ганарыцца, што з нашым горадам быў звязаны лёс вялікага паэта нашай Бацькаўшчыны.

З нагоды святкавання гараджане ўсклалі кветкі да бюста паэта. У бібліятэках горада і раёна прайшлі гучныя чытанні, паэтычныя гадзіны,  літаратурныя вечары, былі арганізаваны кніжныя выставы “І сёння з намі Колас”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *