15 верасня, у Дзень бібліятэк, Навагрудская раённая бібліятэка прыняла ўдзел у ІІ абласным фестывалі кнігі “Кніжныя скарбы Беларусі”. Наша ўпартая актыўнасць (у другі раз) адзначана Дыпломам ДУК “Гродзенская абласная бібліятэка імя Я.Ф. Карскага” і УП “Гроднааблсаюздрук”.

 

     Пляцоўка навагрудчан расцягнулася на 8 метраў. Гэта такі шматгранны мікс на ўсе густы. І галоўнымі тут былі кнігі. Госці свята надоўга затрымліваліся каля кніжнай выставы пра Навагрудак, Навагрудчыну і Адама Міцкевіча, якому сёлета спаўняецца 220 гадоў. Іх ўраджвалі макеты Навагрудскай раённай і бібліятэкі Яўхіма Храптовіча са Шчорсаў. І малыя і дарослыя з задавальненнем складалі пазлы “Нефармальныя славутасці Гродзеншчыны”. Дарэчы, настаўнікі гродзенскіх школ, якія суправаджалі дзяцей на фестывалі, дзякавалі навагрудскіх бібліятэкараў за такі крэатыўны ўрок па краязнаўству. Лялькі-абярэгі мы прывезлі ў Гродна ў другі раз, і яны зноў знайшлі сваіх прыхільнікаў. Ашаламляльнай папулярнасцю ў гродзенцаў карысталася наша гістарычная ФотаЗона. Ды і як жа іначай, нельга было ўпусціць выключную магчымасць сфатаграфавацца з князем Літаворам і княгіняй Гражынай. У рэшце рэшт, і самім пабыць ў пэўнай гістарычнай ролі. Гэта так цікава і запамінальна. Тыя фотаздымкі зараз блукаюць у сацыяльных сетках.

         І яшчэ адна прыемнасць, якую мы чакалі ад фестываля. Самаробная лялька загадчыцы Навагрудскай гарадской бібліятэкі Касцюк Ларысы Львоўны заняла другое месца ў абласным конкурсе “Героі кніжных старонак” у намінацыі “Літаратурныя героі з твораў нацыянальнай культуры”. Аўтарка “Свіцязянкі” (аднайменная балада Адама Міцкевіча) узнагароджана спецыяльным Дыпломам. Ад арганізатараў конкурса яна атрымала каштоўны падарунак.

 

Добавить комментарий